Тэатралізаваная экскурсія "Марыя Апанасаўна запрашае..."
Жывеш не вечна, чалавек, –
Перажыві ж у момант век!
Каб хвалявалася жыццё,
Каб больш разгону ў ім было,
Каб цераз край душы чуццё
Не раз, не два пайшло!
Жыві і цэльнасці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай.
М.Багдановіч
Далучаючы вучняў да прыгажосці паэтычнага слова М.Багдановіча, асэнсоўваючы яго жыццёвы і творчы шлях, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры падводзяць сваіх выхаванцаў да разумення значнасці асобы паэта, шматграннасці яго таленту. Дэталёва творчасць выдатнага класіка беларускай літаратуры вывучаецца ў дзявятым класе. Таму невыпадкова штогод дзевяцікласнікі наведваюць музей геніяльнага паэта. І цяпер супрацоўнікі музея прапанавалі тэатралізаваную экскурсію "Марыя Апанасаўна запрашае..." Вучням было цікава даведацца пра асобу маці паэта, аб выхаванні дзяцей, аб той атмасферы, якая панавала ў сям'і Багдановічаў.
Наведванне музея выхоўвае ў вучняў пачуццё суперажывання, мастацка-эстэтычныя каштоўнасныя арыентацыі, пашырае культурны і літаратурны кругагляд.