Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Вынікі.
З 13 па 18 лютага 2017 года ў школе праходзіў тыдзеньбеларускаймовы і літаратуры. У мерапрыемствах тыдня прыняліўдзел вучні 5-11 класаў. Разнастайнасць праграмы дазволіла кожнаму вучню знайсці занятак па душы.
Тыдзень пачаўся з этнаграфічнага калейдаскопа “Такія звыклыя і незнаёмыя рэчы”. Мэты: стварыць умовы для пашырэння ведаў пра побыт беларусаў (даць уяўленне аб жыцці, быце, занятках продкаў), далучаць да духоўнай спадчыны народа; садзейнічаць выхаванню павагі да беларускай народнай культуры, выхоўваць цікавасць і павагу да гістарычнага мінулага нашых продкаў. Вучні 9-ых класаў разам са сваёй настаўніцай Рудкоўскай Юліяй Мар’янаўнай зазірнулі ў беларускую хату. Хараство і непаўторнасць нацыянальнага каларыту выклікала пачуццё замілавання і гонару за працавітых беларусаў, іх талент. Дзевяцікласнікі даведаліся, для чаго існаваў калаўрот і верацяно.Такое рамяство, як ткацтва, было вельмі вядома тагачаснай беларускай жанчыне. Вучні расказвалі пра вядомых бабуль, якія і цяпер здзіўляюць сучасную моладзь сваім майстэрствам.Вучні расказалі пра саматканае мужчынскае і жаночае адзенне таго часу. Існавала некалькі строяў беларускіх убораў. Штучная тканіна з ільну ў сёняшні дзень – візітная картка Беларусі.
14 лютага вучні школы гаварылі пра каханне на беларускай мове. Паштоўкі з Валянцінкамі на роднай мове запоўнілі школьную прастору. Працу па папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры працягнула Бушыла Святлана Уладзіміраўна. Яна пазнаёміла дзесяцікласнікаў са знакамітымі закаханымі парамі на старонках беларускай літаратуры: Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака, Кастусь Каліноўскі і Марыся Ямант, Барбара Радзівіл і Жыгімонт Аўгусті інш. Вучні цытавалі на памяць выказванні пра каханне беларускіх аўтараў у конкурсе “Вялікія словы на вялікай мове!”
Весела прайшла ў 10 класе гульня “Адшукай сваю пару”. Напачатку хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі карткі з імёнамі герояў літаратурных твораў і павінны былі адшукаць сабе пару. Так Васіль Дзяцел шукаў – Ганну Чарнушку, Дон Кіхот – Дульсінею, Андрэй Балконскі – Наташу Растову, Яўген Анегін – Таццяну Ларыну і г.д.
15 лютага вучні 5 “А”, 6”А”, 10”А” класаў паказалі на школьнай сцэне свае артыстычныя здольнасці ў інсцэніроўцы па творы К. Чорнага “Насцечка”. Мэтай дадзенага мерапрыемства было стварэнне ўмоў для развіцця творчых навыкаў дзяцей, таленавітасці, кемлівасці, выпрацоўка навыкаў работы ў камандзе. На сцэне былі закрануты праблемы бацькоў і дзяцей, сяброўства, выхавання павагі да дарослых і інш. Пад кіраўніцтвам Бушыла Святланы Уладзіміраўны маладыя таленты цудоўна справіліся з пастаўленай задачай і адчувалі сябе сапраўднымі зоркамі на сцэне, а пасля перажывалі задавальненне ад дасягнутага поспеху. Гледачы метадам галасавання ацанілі работу сваіх аднакласнікаў і прыз “Сімпатыі гледачоў” атрымаў вучань 5”А” класа Гулецкі Дзяніс, за лепшае выкананне галоўнай ролі ўзнагароджаны вучань 10”А” класа Бардулін Цімафей , за лепшае выкананне ролі другога плана ўзнагароду атрымалі вучні 10”А” класа Конан Ганна і Садоўскі Максім, граматамі былі адзначаны вучні 5”А” класа Цепцікава Юлія, Шавельскі Максім.
16 лютага адбылася рэспубліканская алімпіяда па беларускай мове. Вучні школы мелі магчымасць праверыць свае веды па прадмеце.
17 лютага пад кіраўніцтвам Гапонік Ганны Баляславаўны ў 8-ых класах была праведзена літаратурна-музычная кампазіцыя Кветкі Маёй Радзімы”.Гучалі творы беларускіх аўтараў, выступленні вучняў па групах суправаджаліся прэзентацыямі, дэманстраваліся кампазіцыі букетаў з кветак, фотаздымкі. Дзяўчынкі паказалі танец кветак. У інструментальным выкананні ( на гітары) вучаніцы 7”А” класа Ганько Паўліны прагучала песня “Ружа белая”(музыка І. Лучанка). Увазе гледачоў былі прапанаваны віктарына і загадкі пра кветкі. Вядучая пазнаёміла прысутных у зале з нацюрмортамі беларускага мастака Івана Хруцкага.
18 лютага вучні 11”А” класа паказалі інсцэніроўку Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”. Сур’ёзнае стаўленне да сваёй ролі і таленавітае яе выкананне дапамагло пераканаць гледачоў у рэальнасці падзей, якія адбываліся на сцэне. Нібы стагоддзі зрабілі крок у сённяшні дзень і беларускае слова загучала звонка, прыгожа, пранікнёна і па-новаму. Цяжка было вызначыць лепшага выканаўцу роляў, таму Настаўнік Гапонік Ганна Баляславаўна зазначыла, што Цяжка было вызначыць лепшага выканаўцу роляў, таму было вырашана на падвядзенні вынікаў тыдня ўручыць граматы ўсім маладым талентам. Словы ўдзячнасці атрымалі ўсе вучні, якія прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Тыдня беларускай мовы і літаратуры, гучаў заклік вывучаць беларускую мову і часцей на ёй размаўляць.